ТРАНСГРАНІ́ЧНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,

забруджванне навакольнага асяроддзя газападобнымі адходамі і пылам прамысл. прадпрыемстваў шляхам трансгранічнага пераносу, якое ахоплівае тэр. некалькіх краін або кантынентаў. На Беларусі адзначаецца з сярэдзіны 20 ст. (назіранні вядуцца з 1980). Краіна знаходзіцца ў неспрыяльных умовах з-за перавагі зах. і паўд.-зах. пераносу. Паводле мадэльных разлікаў на тэр. Беларусі штогод асядае 180—190 тыс. т серы (з іх 84—86% трансгранічнай), 60—70 тыс. т акісленага азоту (89—94% трансгранічнага), 150—170 тыс. т. адноўленага азоту (38—65% трансгранічнага), больш за 400 т свінцу (80% трансгранічнага). Асн. спосаб прадухілення Т.з. — змяншэнне колькасці шкодных выкідаў у атмасферу ва ўсіх краінах. На гэта накіраваны «Канвенцыя аб трансгранічным забруджванні паветра на вял. адлегласці» (1979; скарачэнне выкідаў дыаксідаў серы і аксідаў азоту), «Канвенцыя па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце (1998; скарачэнне выкідаў цяжкіх металаў, асабліва свінцу, кадмію, ртуці, і стойкіх арган. забруджвальнікаў — пестыцыдаў, прамысл. хімікатаў і інш.).

П.​Г.​Лабанок.

т. 15, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)